Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі
Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі | |
---|---|
Агульная інфармацыя |
|
Краіна | |
Юрысдыкцыя | Беларусь |
Дата стварэння | 9 жніўня 2022 |
Штаб-кватэра | |
Сайт | t.me/CabinetBelar… (бел.) |
Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі — калектыўны выканаўчы орган дэмакратычных сіл Беларусі, створаны 9 жніўня 2022 года Святланай Ціханоўскай. У кабінет, які займаецца дзейнасцю ў эміграцыі з цэнтральным офісам у Вільнюсе (Літва), уваходзяць прадстаўнікі дэмакратычнага руху, бізнесу і сілавога блоку Беларусі, якія прызнаюць Ціханоўскую за нацыянальную лідарку краіны.
Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]9 жніўня 2020 года ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары, вынікі якіх не былі прызнаныя вялікай часткай насельніцтва, у выніку чаго распачаліся самыя масавыя пратэсты ў гісторыі краіны. Пратэстоўцы, а таксама ўсе краіны ЕС і ЗША прызналі Святлану Ціханоўскую пераможцай выбараў і нацыянальнай лідаркай. У эміграцыі вакол Офіса Святланы Ціханоўскай былі створаныя шматлікія дэмакратычныя структуры, якія, аднак, не мелі агульнага каардынацыйнага органа. Тым часам у Беларусі ўвесну 2021 года масавыя акцыі пратэсту былі задушаныя шырокамаштабнымі рэпрэсіямі рэжыму Лукашэнкі пры падтрымцы Расіі.
24 лютага 2022 года Расія пачала ўварванне на тэрыторыю Украіны, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. У той жа дзень Святлана Ціханоўская абвясціла пра намер стварэння пераходнага кабінета ў якасці нацыянальнага органа Беларусі. Свой намер яна патлумачыла тым, што Аляксандра Лукашэнку больш нельга лічыць гарантам незалежнасці і тэрытарыяльнай цэльнасці Беларусі[1].
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі быў створаны 9 жніўня 2022 года на канферэнцыі «Новая Беларусь», якая праходзіла ў Вільнюсе на другую гадавіну пачатку масавых пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Адразу па абвяшчэнні пра стварэнне кабінета Святлана Ціханоўская прызначыла прадстаўнікоў кабінета. Імі сталі Павел Латушка, Аляксандр Азараў, Валерый Кавалеўскі і Валерый Сахашчык. Было заяўлена, што кабінет яшчэ будзе пашырацца і ўключыць у сябе прадстаўніцтвы па сацыяльнай палітыцы, эканоміцы і фінансах і нацыянальным адраджэнні. 7 верасня 2022 года ад імя кабінета была выдадзена першая пастанова, у ёй прыярытэтнай задачай арганізацыі аб’явілі аднаўленне і абарону суверэнітэту краіны. 9 верасня 2022 года прэс-служба арганізацыі паведаміла пра новага прадстаўніка кабінета па пытаннях фінансаў і эканомікі, ім стала прадпрымальніца і заснавальніца кампаніі «Laava Tech» Таццяна Зарэцкая . 16 верасня стала вядома, што прадстаўніком па пытанні нацыянальнага адраджэння прызначаная гісторык і экс-тэлевядучая тэлеканала «Белсат» Аліна Коўшык.
11 лютага 2023 года Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі зацвердзіў узнагароду Медаль «Гонар і Годнасць» за выключную адданасць у служэнні Беларусі[2].
6 жніўня 2023 года ў адказ на запыт беларусаў-эмігрантаў, якія сутыкнуліся з праблемай заканчэння тэрміну дзеяння пашпартаў, кабінет прэзентаваў праект праязнога дакумента, які будуць выдаваць без удзелу афіцыйных органаў Беларусі. У АПК падкрэслілі, што альтэрнатыўны беларускі пашпарт — не замена для нацыянальнай візы, аднак працэс легалізацыі ў дзяржавах, якія прызналі дакумент, перастане быць праблемай у выпадках непрыдатнасці або страты ранейшага дакумента[3].
Прадстаўнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Транзіт улады — Павел Латушка (з 9 жніўня 2022)
- Аднаўленне правапарадку — Аляксандр Азараў (9 жніўня 2022 — 6 жніўня 2023)
- Замежныя справы — Валерый Кавалеўскі (з 9 жніўня 2022)
- Абарона і нацыянальная бяспека — Валерый Сахашчык (з 9 жніўня 2022)
- Фінансы і эканоміка — Таццяна Зарэцкая (9 верасня 2022 — 2 лістапада 2022)
- Нацыянальнае адраджэнне — Аліна Коўшык (з 16 верасня 2022)
Публічныя супрацоўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні:[4]
- Павел Баркоўскі — намеснік прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні
- Яўген Андрэйчык — дарадца па інфармацыйнай палітыцы
Рэакцыя рэжыму Лукашэнкі
[правіць | правіць зыходнік]30 жніўня 2022 года КДБ Рэспублікі Беларусь прызнаў Аб’яднаны пераходны кабінет экстрэмісцкім фарміраваннем. 5 верасня орган быў унесены ў адпаведны спіс[5].
У канцы 2022 года Telegram-канал кабінета прызналі экстрэмісцкім матэрыялам у Беларусі[6].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Уварванне Расіі ва Украіну: паветраная трывога, ракеты з РБ і Ціханоўская-лідар (руск.)(недаступная спасылка). euroradio.fm (24 лютага 2022). Архівавана з першакрыніцы 23 верасня 2022.
- ↑ Серабрыстая «Пагоня» ў лаўровым вянку: Кабінет зацвердзіў узнагароду за выключную адданасць у служэнні Беларусі . Наша Ніва. Праверана 9 жніўня 2023.
- ↑ Падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» прэзентавалі альтэрнатыўны беларускі пашпарт . belsat.eu. Праверана 9 жніўня 2023.
- ↑ Каманда Нацыянальнага Адраджэння . revivalbelarus.org. Праверана 18 кастрычніка 2024.
- ↑ В Беларуси признали "экстремистским формированием" созданный Светланой Тихановской Объединенный переходный кабинет (руск.). Настоящее Время (8 верасня 2022). Праверана 11 верасня 2022.
- ↑ Республиканский список экстремистских материалов (руск.) . www.sb.by (1 жніўня 2023). Праверана 9 жніўня 2023.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Нацыянальны пашпарт Беларусі . belarus-passport.com.
- Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэннi